15 лістапада 2022 года ў канцылярыю Дэпартамента адукацыі ў Беластоку перадалі 44 заяўкі ад бацькоў, якія хацелі б вучыць сваіх дзяцей беларускай мове. Падпісаць зварот маглі беларускія бацькі, якія жывуць у Беластоку і маюць дзяцей школьнага або перадшкольнага ўзросту.
Вось асноўныя палажэнні з адказу:
Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі разумее патрэбу падтрымання культурнай і моўнай тоеснасці беларусаў, якія жывуць у Беластоку, а менавіта ў арганізацыі навучання беларускай мове.
У сувязі з гэтым быў складзены зварот да Прэзідэнта Рады Міністраў Матэуша Маравецкага з просьбай знайсці адпаведнае прававое рашэнне і фінансавыя сродкі. Пакуль адказу на зварот не атрымана.
Паводле актуальнага права навучанне беларускай мове ў школах арганізавана толькі для польскіх грамадзян, якія належаць да нацыянальнай меншасці.
Разам з тым органы ўлады бачаць праблему, якая будзе абмяркоўвацца на супольнай сустрэчы прадстаўнікоў міністэрства, урадавай адміністрацыі ваяводства і дэпартамента адукацыі Беластока. Сустрэча запланаваная на студзень 2023 года.
У сувязі з атрыманай інфармацыяй Беларуская Дыяспара Беластока склікае бацькоўскі сход. Сход мае адбыцца 11 студзеня 2023 года ў 18:30 у хабе «Новая Зямля» (ul. Wyszyńskiego 6a, Беласток).
— Запрашаем бацькоў, якія складалі заявы, а таксама ўсіх зацікаўленых магчымасцю арганізацыі беларускага навучання ў Беластоку. Акрамя афіцыйна-арганізацыйнай часткі запланаваная нефармальная з запрошанымі гасцямі. Сачыце за абвесткамі, — расказала MOST настаўніца беларускай мовы, прадстаўніца беларускай дыяспары Беластока Ганна Дар.
Забяспечыць дзяцей заняткамі беларускай мовай
Мэта кампаніі — арганізаваць заняткі беларускай мовы ў польскіх школах. Беларускую мову ў Беластоку з усіх школ цяпер выкладаюць толькі ў чацвёртай. Прычым вывучаць яе могуць толькі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці — тыя дзеці, чые бацькі маюць польскае грамадзянства і лічаць сябе беларусамі.
— У апошняй хвалі эміграцыі ў Польшчы апынуліся беларусы, якія хацелі б забяспечыць дзяцей заняткамі беларускай мовы. Але яны не маюць польскага грамадзянства, таму не могуць накіраваць дзяцей у беластоцкую школу №4 з магчымасцю вучыць беларускую мову, — распавядала MOST Ганна Дар.