Кожны, хто датычны да рэпрэсій, будзе пакараны
Апошнія падзеі надалі аптымізму шмат каму з беларусаў. Непазбежнасць перамогі Украіны набыла канкрэтныя рысы і нават тэрміны. А гэта значыць, што беларускаму рэжыму таксама варта рыхтавацца да трыбунала.
Да гэтага трыбунала, а таксама да шматлікіх судоў над абсалютна ўсімі, хто так ці інакш датычны да рэпрэсій, трэба рыхтавацца і нам усім, і міжнародным праваабарончым структурам. Бо ад таго, наколькі дасканала мы занатоўвалі і занатоўваем тое, што адбываецца ў нашай краіне; ад таго, наколькі родныя закратаваных па палітычных артыкулах ці матывах падрабязна збіраюць і паведамляюць імёны суддзяў, пракурораў, следчых, супрацоўнікаў ГУБАЗіК, КДБ ды іншых структур; ад таго, наколькі дакладна мы ведаем і паслядоўна занатоўваем прозвішчы ўсіх тых, хто звальняў і дыскрымінаваў па палітычных прычынах, — наогул ад таго, наколькі мы гатовыя паведамляць праваабаронцам розных узроўняў пра ўсё тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, — залежыць непазбежнасць пакарання для іх і магчымасць рэабілітацыі для ўсіх ахвяр рэпрэсій.
Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН рыхтуе новы даклад аб масавых парушэннях у Беларусі. Хутка ён будзе прадстаўлены. У ім, акрамя аналізу масавых парушэнняў правоў чалавека ў нашай краіне, будуць агучаныя і рэальныя механізмы пакарання вінаватых, а таксама магчымасці для рэабілітацыі рэпрэсаваных, у тым ліку кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды.
Ужо цяпер на падставе існуючых спісаў людзей, датычных да рэпрэсій, рыхтуюцца захады па замарожванні замежных рахункаў і арышту нерухомасці тых, хто хоць неяк спрычыніўся да рэпрэсій. Гэта важна зрабіць ужо зараз для забеспячэння ў далейшым кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды. Верыфікацыя інфармацыі пра рэпрэсіі патрабуе часу, таму вельмі важна, каб менавіта зараз штодзённа рэпрэсаваныя ці іх сваякі дзяліліся інфармацыяй пра затрыманні, арышты, суды, звальненні, дыскрымінацыю з праваабаронцамі.
Для чаго гэта трэба? Каб мець магчымасць спагнаць з тых, хто датычны да пераследу вас ці вашых родных, кампенсацыю, трэба ўжо сёння перадаваць праваабаронцам усю вядомую інфармацыю. Яны яе зафіксуюць, верыфікуюць і падрыхтуюць справу да суду.
Гэта можна зрабіць у тым ліку праз спецыяльную форму Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН (яе трэба спампаваць і запоўніць, а пасля «заліць» на воблака). Прадстаўнікі УВКПЧ запрашаюць асобных грамадзян, групы і арганізацыі накіроўваць інфармацыю і дакументальныя пацвярджэнні, што тычацца ўсіх парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Больш падрабязна пра тое, як гэта зрабіць, можна паглядзець па спасылцы.
Чаму гэта важна? Толькі непазбежнасць справядлівага пакарання ўсіх тых, хто датычны да рэпрэсій, можа засцерагчы ад іх паўтору ў будучыні. А сёння, магчыма, гэта хаця б прымусіць задумацца тых зусім маладых суддзяў і пракурораў, следчых і проста міліцыянтаў, што апраўдацца словамі «я проста выконваў загад» не атрымаецца. Сёння ў іх яшчэ ёсць магчымасць хаця б адмовіцца да палітычных спраў нават коштам «кар’еры».
Чаму гэта важна рабіць зараз і кожны дзень? Пасля непазбежнай змены рэжыму ў першую чаргу будуць разглядацца ўжо зафіксаваныя, верыфікаваныя і падрыхтаваныя справы. Таму, каб вам не давялося чакаць кампенсацыі гадамі, варта рабіць гэта зараз.
Ад сябе яшчэ дадам, што ўсе, хто так ці інакш спрычыніўся да маёй справы, ужо зафіксаваныя і верыфікаваныя. Таму буду чакаць сустрэчы з імі з нецярпеннем.
https://novychas.online/palityka/kozny-hto-datyczny-da-represij-budze-pakarany